Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Чарнобыльская малітва

Алексиевич Светлана Александровна

Шрифт:

Увечары ў бальніцу не прапусцілі… Мора людское вакол… Я стаяла насупраць ягонага акна, ён падышоў і штосьці мне крычаў. З такім адчаем! У натоўпе хтосьці пачуў: уначы іх павязуць у Маскву. Жонкі ўсе збіліся ў адну купку. Парашылі: паедзем з імі. Пусціце нас да нашых мужоў! Не маеце права! Біліся, драпаліся. Салдаты, ужо стаялі салдаты, нас адштурхоўвалі. Тады выйшаў урач і пацвердзіў, што яны паляцяць на самалёце ў Маскву, але нам трэба прынесці ім адзенне, — тое, у якім яны былі на станцыі, згарэла. Аўтобусы ўжо не хадзілі, і мы бегма праз увесь горад. Прыбеглі з сумкамі, а самалёт паляцеў ужо… Нас спецыяльна падманулі… Каб мы не галасілі, не плакалі…

Ноч… Па адзін бок вуліцы аўтобусы, сотні аўтобусаў (ужо рыхтавалі горад да эвакуацыі), а па другі бок — сотні пажарных машын. Прыгналі адусюль. Уся вуліца ў белай пене… Мы па ёй ідзём… Лаемся і плачам…

Па радыё аб'явілі, што, магчыма, горад эвакуіруюць на тры-пяць дзён, вазьміце з сабой цёплыя рэчы і спартыўныя касцюмы, будзеце жыць у лесе. У палатках. Людзі нават узрадаваліся: на прыроду! Сустрэнем там Першамай. Здорава! Гатавалі ў дарогу шашлыкі… Бралі з сабой гітары, магнітафоны… Плакалі толькі тыя, чые мужы пацярпелі.

Не памятаю дарогі… Нібыта прыйшла да памяці, калі ўбачыла ягоную маці: "Мама, Вася ў Маскве! Павезлі спецыяльным самалётам!" Але мы дасадзілі гарод. (А праз тыдзень вёску эвакуіруюць!) Хто ж ведаў? Хто тады гэта ведаў? Надвячоркам у мяне пачалася рвота. Я — на шостым месяцы цяжарнасці. Мне гэтак блага… Уначы сню, што ён мяне кліча. Пакуль ён быў жывы, клікаў мяне ў сне: "Люся! Люсечка!" А як памёр, ні разу не паклікаў. Ні разу… (Плача.) Падымаюся раніцою з думкаю, што паеду ў Маскву. Сама… "Куды ты, гэтакая?" — плача маці. Сабралі ў дарогу і бацьку. Ён зняў з ашчадкніжкі грошы, што былі ў іх. Усе грошы…

Дарогі не памятаю… Дарога зноў выпала з памяці… У Маскве ў першага міліцыянера спыталі, у якой бальніцы ляжаць чарнобыльскія пажарнікі, і ён нам сказаў…

Шостая бальніца — на Шчукінскай…

У гэтую бальніцу, спецыяльная радыелагічная бальніца, без прапускоў не пускалі. Я дала грошы вахцёрцы, і тады яна кажа: "Ідзі". Кагосьці зноў прасіла, умольвала… I вось я сяджу ў кабінеце ў загадчыцы радыелагічнага аддзялення Ангеліны Васільеўны Гуськовай. Тады я яшчэ не ведала, як яе завуць, нічога не запамінала… Я ведала толькі, што павінна пабачыць яго…

Яна адразу ў мяне запыталася:

— У вас ёсць дзеці?

Як я прызнаюся?! I ўжо цюкнула, што не трэба гаварыць пра маю цяжарнасць. Не пусціць да яго! Добра, што я дробненькая, нічагуткі па мне не відаць.

— Ёсць, — кажу.

— Колькі?

Думаю: "Трэба сказаць, што двое. Калі адно — усё роўна не пусціць".

— Хлопчык і дзяўчынка.

— Калі двое, дык раджаць, пэўна, больш не давядзецца. Цяпер слухай: цэнтральная нервовая сістэма паражоная цалкам, касцявы мозг паражоны цалкам…

"Ну ладна, — думаю, — зробіцца трошкі нервовым…"

— Яшчэ слухай: калі заплачаш — я цябе адразу ж выпраўлю. Абдымацца і цалавацца няможна. Блізка не падыходзіць. Даю паўгадзіны.

Толькі я ведала, што ўжо нікуды адсюль не пайду. Калі пайду, дык з ім. Паклялася сама сабе! Заходжу… Яны сядзяць на ложку, гуляюць у карты і смяюцца.

— Вася! — гукаю яго. Паварочваецца:

— Ой, браткі, я прапаў! I тут знайшла!

Смешны гэткі, піжама на ім сорак восьмага памеру, а ў яго — пяцьдзесят другі. Кароткія рукавы, кароткія штонікі. Але пухліна з твару ўжо сышла… Ім улівалі нейкі раствор…

— А чаго ты гэта раптам прапаў? — пытаюся. I ён памкнуўся мяне абняць.

— Сядзі-сядзі, — не пускае яго ўрач да мяне. — Няма чаго тут абдымацца.

Ну неяк усё гэта жартам абышлося. I тут ужо ўсе збегліся, і з іншых палат таксама. Усе нашы. З Прыпяці. Іх жа дваццаць восем чалавек самалётам прывезлі. Што там? Што там у нас у горадзе? Я адказваю, што пачалася эвакуацыя, увесь горад вывозяць на тры ці на пяць дзён. Хлопцы маўчаць, а былі там дзве жанчыны, адна з іх на прахадной у дзень аварыі дзяжурыла, і яна заплакала:

— Божа мой! Там мае дзеці. Што з імі?

Мне хацелася пабыць з ім удваіх, ну, няхай бы адну хвіліначку. Хлопцы гэта адчулі, кожны прыдумаў сабе прычыну, і яны выйшлі ў калідор. Тады я абняла яго і пацалавала. Ён адсунуўся:

— Не сядай побач. Вазьмі крэселка.

— Ды глупства ўсё гэта, — махнула я рукой. — А ты бачыў, дзе адбыўся выбух? Што там? Вы ж першыя туды трапілі…

— Хутчэй за ўсё гэта шкодніцтва. Нехта спецыяльна ўчыніў. Усе нашы хлопцы гэтак мяркуюць.

Тады гэтак гаварылі. Думалі.

На наступны дзень, калі я прыйшла, яны ўжо ляжалі паасобку, кожны ў сваёй палаце. Ім катэгарычна забаранялася выходзіць у калідор. Сустракацца адно з адным. Перастукваліся праз сцяну… Кропка — працяжнік, кропка — працяжнік… Урачы тлумачылі гэта тым, што кожны арганізм па-рознаму рэагуе на дозы абпраменьвання, і тое, што вытрывае адзін, іншаму не пад сілу… Там, дзе яны ляжалі, зашкальвалі нават сцены. Злева, справа і паверх пад імі… Там усіх выселілі, ніводнага хворага… Пад імі і над імі анікога…

Тры дні я жыла ў сваіх маскоўскіх знаёмцаў. Яны мне гаварылі: бяры каструлю, бяры міску, бяры ўсё, што трэба… Я варыла булён з індычкі, на шасцёра чалавек. Шасцёра нашых хлопцаў… Пажарнікаў… З адной змены… Яны ўсе дзяжурылі той ноччу: Вашчук, Кібянок, Ціцянок, Правік, Цішчура. У краме купіла ім усім зубную пасту, шчоткі, мыла. Нічога гэтага ў бальніцы не было. Маленькія ручнічкі купіла… Я здзіўляюся цяпер са сваіх знаёмых, яны, вядома, баяліся, не маглі не баяцца, ужо хадзілі ўсялякія чуткі, але ўсё адно самі мне прапаноўвалі: бяры ўсё, што трэба. Бяры! Як ён? Як яны ўсе? Яны будуць жыць? Жыць… (Маўчыць.) Напаткала тады шмат добрых людзей, я не ўсіх запомніла… Свет звузіўся да адной кропкі… Ушчыльніўся… Ён… Толькі ён… Памятаю пажылую санітарку, якая мяне вучыла: "Ёсць хваробы невылечныя. Трэба сядзець і гладзіць рукі".

Поделиться:
Популярные книги

Камень. Книга восьмая

Минин Станислав
8. Камень
Фантастика:
фэнтези
боевая фантастика
7.00
рейтинг книги
Камень. Книга восьмая

Изгнанник Ардена

Анри Софи
Фантастика:
фэнтези
готический роман
историческое фэнтези
5.00
рейтинг книги
Изгнанник Ардена

Сильнейший Столп Империи. Книга 5

Ермоленков Алексей
5. Сильнейший Столп Империи
Фантастика:
аниме
фэнтези
фантастика: прочее
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Сильнейший Столп Империи. Книга 5

Вечный. Книга II

Рокотов Алексей
2. Вечный
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
рпг
5.00
рейтинг книги
Вечный. Книга II

Последний Паладин. Том 11

Саваровский Роман
11. Путь Паладина
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Последний Паладин. Том 11

Наши предки

Кальвино Итало
Проза:
классическая проза
5.00
рейтинг книги
Наши предки

Прайм. День Платы

Бор Жорж
7. Легенда
Фантастика:
боевая фантастика
рпг
5.00
рейтинг книги
Прайм. День Платы

Я граф. Книга XII

Дрейк Сириус
12. Дорогой барон!
Фантастика:
юмористическое фэнтези
попаданцы
аниме
4.00
рейтинг книги
Я граф. Книга XII

Я до сих пор не князь. Книга XVI

Дрейк Сириус
16. Дорогой барон!
Фантастика:
юмористическое фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Я до сих пор не князь. Книга XVI

Ремесло древней Руси

Рыбаков Борис Александрович
Научно-образовательная:
история
5.00
рейтинг книги
Ремесло древней Руси

Дорога ветров

Уильямс Тэд
3. Орден Манускрипта
Фантастика:
фэнтези
7.75
рейтинг книги
Дорога ветров

Газлайтер. Том 18

Володин Григорий Григорьевич
18. История Телепата
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Газлайтер. Том 18

Ермак. Противостояние. Книга одиннадцатая

Валериев Игорь
11. Ермак
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
4.50
рейтинг книги
Ермак. Противостояние. Книга одиннадцатая

Я Гордый часть 5

Машуков Тимур
5. Стальные яйца
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
альтернативная история
аниме
5.00
рейтинг книги
Я Гордый часть 5