Калядны харал
Шрифт:
Страфа другая. Першы дух
Калі Скрудж прачнуўся, было так цёмна, што з ложка ён ледзь адрозніваў празрыстае акно ад непранікальных сценаў пакоя. Скрудж углядаўся ў змрок тхарынымі вачыма — і тут гадзіннік суседняе царквы прабіў чатыры чвэрці. Скрудж прыслухаўся да бою.
На яго здзіўленне, цяжкі гадзіннік прабіў спачатку шэсць разоў, потым сёмы, потым восьмы — і спыніўся толькі на дванаццаці. Поўнач! Калі ён лёг, была трэцяя ночы. Гадзіннік сапсаваўся: мабыць, у механізм трапіў лядзяш. Поўнач!
Скрудж націснуў на спружынку свайго рэпетыра, каб выправіць памылку недарэчнага гадзінніка. Рэпетыр хутка адбіў дванаццаць і спыніўся.
— Як так атрымалася? — здзівіўся Скрудж. — Не можа быць, каб я праспаў цэлы дзень ды яшчэ і кавалак наступнай ночы! Няўжо нешта здарылася з сонцам, і цяпер не поўнач, а поўдзень?
Думка гэтая так яго ўстрывожыла, што ён выкараскаўся з ложка і навобмацак рушыў да акна. Каб хоць штосьці разгледзець, давялося пачысціць заінелае шкло рукавом, але плёну з гэтага было няшмат. На дварэ, наколькі мог бачыць Скрудж, быў густы туман, страшэнны мароз і зусім не было людзей, што абавязкова мусілі б шумна бегаць туды-сюды, калі б ноч уварвалася ва ўладанні дня і захапіла цэлы свет. Скрудж з палёгкай уздыхнуў, бо ўсе патрабаванні накшталт “заплаціць па гэтым вэксалі містэру Эбенэйзеру Скруджу ці на яго рахунак праз тры дні пасля атрымання” страцілі б усялякі сэнс, і карысці з іх было б не больш, чым ад амерыканскіх каштоўных папераў, калі б знікла магчымасць вылічваць гэтыя самыя дні пасля атрымання.
Скрудж зноў лёг у ложак і пачаў думаць, думаць, думаць яшчэ і яшчэ, але так нічога і не прыдумаў. І чым больш ён думаў, тым больш збіваўся з панталыку, а чым больш спрабаваў не думаць, тым больш думак лезла яму ў галаву.
Больш за ўсё хваляваў яго прывід Марлі. Кожнага разу, калі пасля грунтоўных развагаў Скрудж урэшце вырашаў, што ўсё гэта яму проста прыснілася, думка, як сціснутая і потым вызваленая тугая спружына, тут жа вярталася назад, і перад Скруджам зноў паўставала і патрабавала развязання адно і тое ж пытанне: “Сон гэта быў ці не?”
У такім стане Скрудж праляжаў, пакуль не адзванілі яшчэ тры чвэрці. І тут ён раптам успомніў папярэджанне прывіда пра госця, які наведаецца да яго, калі праб’е гадзіна ночы. Скрудж вырашыў не засынаць да прызначанага часу, і рашэнне гэтае было ці не наймудрэйшым з магчымых, бо пайсці спаць для яго было цяпер не прасцей, чым выправіцца напрасткі ў рай.
Чвэрць гадзіны цягнулася так доўга, што Скрудж не раз пачынаў сумнявацца: ці не задрамаў ён выпадкова, ці не прапусціў бой гадзінніка? Урэшце яго насцярожаныя вушы пачулі чаканыя гукі:
— Дзінь-дон!
— Чвэрць на першую, — пачаў лічыць Скрудж.
— Дзінь-дон!
— Палова на першую, — сказаў Скрудж.
— Дзінь-дон!
— Без чвэрці гадзіна, — лічыў Скрудж.
— Дзінь-дон!
— Гадзіна ночы! — пераможна ўзвясціў Скрудж. — І нічога не здарылася!
Ён вымавіў гэта яшчэ да апошняга ўдару, і вось гадзіннік урачыста, змрочна, гулка і скрушна абвясціў гадзіну ночы. У тое ж імгненне ў пакоі ўспыхнула святло, і чыясьці рука расхінула полаг.
Так-так, менавіта чыясьці рука расхінула, паўтаруся, полаг, прычым не ў нагах ці за спінаю, а акурат перад самым тварам Скруджа. Такім чынам, рука расхінула полаг, і Скрудж, прыўскочыўшы на ложку і застыўшы напаўседзячы, апынуўся з незямным госцем, чыя рука полаг і расхінула, твар да твару — так блізка, як цяпер мы з вамі, бо ў думках я акурат нахіляюся над вашым плячом.
Перад Скруджам стаяла дзіўная істота, вельмі падобная да дзіцяці, можа, не так да дзіцяці, як да старога, убачанага праз дзіўнае шкельца: здавалася, ён аддаліўся ад назіральніка і таму паменшыўся да дзіцячых памераў. Яго валасы, што падалі на плечы і ніжэй, за спіну, былі нібыта сівыя, але на твары не было ніводнае зморшчынкі, а шчокі чырванелі пяшчотным румянцам. Рукі былі вельмі доўгія і моцныя, кісці рук — таксама: у іх нібы хавалася надзвычайная сіла. Яго далікатна сфармаваныя ногі былі, як і рукі, аголеныя. Істота была ўбраная ў бялюткую туніку, абвязаную вакол таліі зіхоткім пасам, што гарэў чароўным святлом. У руцэ госць трымаў свежую зялёную галінку вастралісту, і насуперак гэтаму зімоваму сімвалу прыпол яго аздаблялі летнія кветкі. Але самым дзіўным у яго абліччы быў яркі струмень святла, што біў з макаўкі і асвятляў усё навокал, а таму не выклікала пытанняў прызначэнне гасілкі ў выглядзе каўпака, якую істота трымала пад пахай — на выпадкі, менш спрыяльныя для ілюмінацыі.
Зрэшты, самым дзіўным Скруджу, які, паступова супакойваючыся, разглядаў істоту, падалося нават не гэта. Бо як пас госця ўспыхваў зіхоткімі іскрамі спачатку ў адным месцы, а праз імгненне — ужо ў іншым, так і сама фігура час ад часу страчвала цэласнасць: яна рабілася то аднарукай, то аднаногай, то абрастала дваццаццю нагамі, потым ног зноў рабілася дзве, але знікала галава, а вось галава на месцы, але няма цела. Калі тыя ці іншыя часткі цела раствараліся ў густым мораку, здавалася, што ад іх не засталося і следу, а потым яны самым неверагодным чынам з’яўляліся наноў, бачныя гэтак жа выразна, як і раней.
— Вы той самы Дух, чый прыход мне прадказалі? — спытаў Скрудж.
— Так, гэта я.
Голас Духа прагучаў мякка, пяшчотна і надзвычай ціха — быццам ён стаяў не побач, а дзесьці далёка.
— Хто вы і што робіце?
— Я — Дух Мінулых Калядаў.
— Даўно мінулых? — пацікавіўся Скрудж, разглядаючы карузліка.
— Не. Бо гэта тваё мінулае.
Калі б хтосьці спытаў у Скруджа, чаму яму раптам закарцела ўбачыць Духа ў каўпаку-гасілцы, адказаць ён бы не змог. Але жаданне было такое, што ён наважыўся пра гэта папрасіць.
— Што?! — усклікнуў Дух. — Ты хочаш пагасіць маё святло сваімі нікчэмнымі рукамі?! Табе мала, што ты — адзін з тых, чые жарсці стварылі гэты каўпак і змушалі мяне год за годам насіць яго, насунуўшы на самыя вочы?!
Скрудж з усёй пачцівасцю паспяшаўся адмовіцца ад любых просьбаў, якія маглі пакрыўдзіць Духа, і ўпэўніў госця, што не помніць, каб хоць раз у жыцці змусіў кагосьці начапіць каўпак. Потым ён адважна пацікавіўся, якія справы прывялі да яго Духа.
— Твой дабрабыт! — прамовіў Дух.
Скрудж горача падзякаваў, падумаўшы пры гэтым, што бяссонная ноч — не найлепшы спосаб дасягнення дабрабыту. Дух, мабыць, пачуў гэтыя думкі, бо тут жа адказаў:
— Значыць, тваё выпраўленне. Будзь пільным!
З гэтымі словамі ён выцягнуў моцную далонь і мякка ўзяў Скруджа за руку.
— Падымайся і ідзі за мной!
Калі б Скрудж пачаў жаліцца, што надвор’е і час не самыя прыемныя для шпацыру, што ў ложку цёпла, а на дварэ слупок тэрмометра апусціўся ніжэй за нуль, што апрануты ён зусім не да сезону — дамашнія пантофлі, халат і начны каўпак — і што ён паспеў ужо крыху прастудзіцца, усе яго жальбы былі б марнымі. Хаця Дух трымаў яго мякка, амаль па-жаночы, супраціўляцца было бессэнсоўна. Скрудж падняўся і, убачыўшы, што Дух скіраваўся да акна, схапіўся за прывіднае ўбранне і ўзмаліўся: