Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Лабух

Някляеў Уладзімір

Шрифт:

— Нішто і ніхто так не вучыць. Так ёсць.

— Тады што мы слухаем?

— Слухаем мы Лі-Лі... Госпадзі, ды вы пачулі ўсё не так! Зусім не так!.. — І Максім Аркадзьевіч дагаварыў, як за ім вадзілася, без аніякага пераходу. — У вас праблемы, Раман! Лі-Лі не сказала, якія, але я зразумеў, што сур’ёзныя, і яна неяк дапамагчы вам спрабуе — не ўцягвайце вы яе! Не для таго яна, зусім не для таго! — ці ўсё адно вам, для чаго яна?.. І вы прыехалі на ўсю ноч з сабакам, каб і я на вас стараўся?

Ён так выскачыў, як я не чакаў... Даць па мордзе мне доктар філасофіі не даў, але спробу зрабіў.

— Не ўцягваю я нікога...

— Як нікога?.. А чаму Зоя ў Маскве? І дзе яшчэ Лі-Лі будзе? Дайце ёй вырвацца з вас, яна хоча вырвацца!..

— Скуль вам ведаць?

— Ад яе! Ці думаеце — я з Лі-Лі не размаўляю? Страціў яе? Пахаваў?..

Па такую размову я не ехаў і, пакуль не далі па мордзе, падняўся.

— Пайду... Світае...

— Ідзіце, — нервова ўключыў і выключыў магнітафон Максім Аркадзьевіч. — Прыйшлі, пайшлі... Ва ўсіх шляхах адзін і той жа шлях.

Пагаварылі...

Дартаньян не ішоў са мной, хаваўся за Максіма.

— Я страціў цябе? — спытаў я Дартаньяна і, не асцерагаючыся дога, ухапіў таксу за шкірку і пацягнуў да дзвярэй — буду я тут яшчэ ўсялякую драбязу страчваць!.. Абодва сабакі, не ўнюхаўшы майго звычайнага страху перад імі, гэтак разявіліся, што Максім аслупянеў, а Дартаньян цягнуўся па падлозе, не ўпіраючыся, як палена.

Кітайская філасофія не вучыць разяўляцца.

Кітайская філасофія наогул не вучыць. Мусібыць, маючы на ўвазе, што ты не слуп, не палена, а кітаец — і здольны самаўдасканальвацца. Разам з пераўтварэннямі і ўдасканаленнем пустаты.

Музыка — пустата?..

У мяне, Лі-Лі, ёсць кружэлка, якую ніколі я для цябе не ставіў: Адажыа Дзесятай сімфоніі Малера. Кружэлка старая, старэйшая за мяне: ведаеш, былі такія бліскуча-чорныя кружэлкі на семдзесят восем, сорак пяць і трыццыць тры з паловай абаротаў... Яны зусім не тое, што цяперашнія асляпляльна-серабрыстыя кампакт-дыскі, на якіх хоць яечню засмажвай — з імі нічога не станецца. Кружэлкі шарпаліся, драпаліся, іх трэба было ашчадна, амаль музейна захоўваць, каб запісанае на іх пачуць без трэску і шыпу. Пры маім перабежным жыцці іх цяжка было зберагчы, ды ўсё ж нейкія захаваліся, і, слухаючы іх, я думаю пра тое, як хутка, на любых абаротах неймаверна хутка ўсё адкружваецца, становіцца былым і мінулым... Кружэлка пашыпвае, патрэсквае — ёсць нешта шчымліва-жывое ў крохкасці матэрыялу, Лі-Лі.

Зрэшты, само жыццё — крохкі матэрыял. Усё яно ў разломах, трэшчынах, драпінах... Памяць западае ў іх і пераскоквае з канца ў пачатак, з пачатку ў канец, альбо круціцца і круціцца недзе ў сярэдзіне на адным і тым жа месцы — і амаль немагчыма расчуць мелодыю скрозь несупынны трэск і шум. Тады пачынаюць адольваць сумненні, найпакутлівае з якіх: а ці была яна, мелодыя? Ці не цалкам жыццё проста пратрэскала і прашумела?..

Не, я не рэфлексую і не пытаюся, ці так жыў, ці тое рабіў, скарыстаў альбо прамінуў кожны, які здараўся, шанец... Я кінуў тузаць сябе няздзейсненым, уцяміўшы аднойчы, што не ведаю і ніколі не буду ведаць, як магло быць інакш?.. Можна хіба што ўявіць, як яно магло быць, ды гэтаксама можна ўявіць інакшым і тое, што ёсць.

Кожны мае, што мае, жадаючы большага, але змучваць сябе пытаннямі, што б сталася і як, каб павярнулася не гэтак і не так — без толку. У ланцужку выпадковасцей, якія вызначаюць шлях і называюцца лёсам, ранейшае звяно не замяніць пазнейшым. Яны ўсе — адно да аднаго, і кожнае — на месцы. Таму, жадаючы чаго заўгодна, трэба ўмець прымаць непазбежнае.

Я не кажу пра смерць. І Адажыа Дзесятай сімфоніі не пра смець, хоць музыка знемагае — так развітваецца... Нібы на мяжы свету таго шкадуе пра ўсё, што не спраўдзілася на гэтым.

Ведаеш, што я пастанавіў сабе, Лі-Лі?.. Калі дасюль я жывы, калі магу шкадаваць і не шкадаваць пра нешта ўяўнае, што не здзейснілася, дык усё ў маім жыцці хай і не так, як найлепш, але і не горш ад таго. Усё, як мае быць, і правільна ўсё шанцы скарыстаныя і не скрыстаныя, бо той шанец, які я прамінуў, не скарыстаўшы, мог стаць апошнім. І хай нават да жалезных звенняў ланцужка датачылася б залатое, ды што з ягонага бляску, калі б ланцужок на ім, на тым звяне залатым, і абарваўся б?..

Ты разумееш, пра што я, Лі-Лі? Гэта так проста... І ці не можа быць, што ты апошняе, бліскуча-залатое звяно ў ланцужку — і вырываешся з мяне, з ланцужка, з лёсу, каб нехта з нас, ты альбо я, не скарысталі небяспечны шанец?.. Аднолькава ўяўны і рэальны, бо ў ім напружанне — на разрыў, бо ў ім ты — з аднаго канца, з гэтага жыцця, а я — з канца другога, з жыцця таго. Як радыёла “Рыгонда”, пра якую ты ўсё пытаешся, чаму я яе не выкіну?

Я шмат чаго, амаль нічога не магу выкінуць, Лі-Лі.

Шмат чаго распавядаючы табе пра Марту, я мала, амаль нічога не расказваў пра Ніну. Адгаворваўся, што ўсё ты пра яе ведаеш, а насампраўдзе пра Ніну казаць цяжэй — з ёй у мяне болей таго, што не выкінуць. Пасля нябеснага палёту з Аннай Вазвышэнскай, шанцу кахання, шанцу аднолькава рэальнага і ўяўнага, пра які нават не скажаш, быў ён ці не, упушчаны ці скарыстаны, простым разводам з Нінай не абыйшлося. У ноч на той дзень, калі трэба было з’явіцца ў суд, каб нас развялі, Ніна ўстала з нашага сямейнага ложка, выйшла праз кухню, узяўшы нож, на балкон — і ўзрэзала сабе жывот. Спрабавала яшчэ і выкінуцца, але ўжо не здолела...

Шнар на жываце Ніны — разлом майго свету, Лі-Лі. Трэшчына, у якую, як іголка на старой кружэлцы, западае і западае памяць.

А што для мяне шнар на жываце Стэфы?.. Нічога. Толькі шнар. Зашыты разрэз чужога жыцця. Але, зачапіўшыся за яго, памяць паслізнулася — і ў разломы свайго свету, у трэшчыны майго жыцця я западаю і западаю.

Неяк трэба выбірацца. Суладзіцца з тым, што ёсць, чаго больш, чым дастаткова, каб не самоціцца па страчаным і няздзейсненым. Пакінуць для музыкі сум пра былое.

Я б мог і не ажаніцца ні з Нінай, ні з Мартай. Мог не ўзляцець з Аннай, не доўжыць палёты з табой... Зусім не цяжка ўявіць, што гэтага магло не быць, але яно сталася — і не быць ужо не можа. Калі нават прамінула і страцілася... Пашарпалася і падрапалася, як старая кружэлка.

Радыёла “Рыгонда”, на якую паставіў я кружэлку, таксама старая, і музыка старажытная, даўняя-даўняя, бо Малер — апошняя музыка Еўропы. Былі пасля Дэбюсі, Стравінскі, толькі гэта ўжо хоць і Еўропа, але Амерыка. Калі можна так сказаць.

Поделиться:
Популярные книги

Мистика

Гейман Нил
Детективы:
классические детективы
исторические детективы
7.29
рейтинг книги
Мистика

На границе империй. Том 3

INDIGO
3. Фортуна дама переменчивая
Фантастика:
космическая фантастика
5.63
рейтинг книги
На границе империй. Том 3

На границе империй. Том 10. Часть 6

INDIGO
Вселенная EVE Online
Фантастика:
боевая фантастика
космическая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
На границе империй. Том 10. Часть 6

Хозяин Теней 2

Петров Максим Николаевич
2. Безбожник
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Хозяин Теней 2

Бастард Императора. Том 4

Орлов Андрей Юрьевич
4. Бастард Императора
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
фантастика: прочее
5.00
рейтинг книги
Бастард Императора. Том 4

Звездная Кровь. Изгой

Елисеев Алексей Станиславович
1. Звездная Кровь. Изгой
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
рпг
5.00
рейтинг книги
Звездная Кровь. Изгой

Воин-Врач

Дмитриев Олег
1. Воин-Врач
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
историческое фэнтези
6.00
рейтинг книги
Воин-Врач

Искатель 2

Шиленко Сергей
2. Валинор
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
рпг
5.00
рейтинг книги
Искатель 2

Вечный. Книга V

Рокотов Алексей
5. Вечный
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
рпг
5.00
рейтинг книги
Вечный. Книга V

Я уже царь. Книга XXIX

Дрейк Сириус
29. Дорогой барон!
Фантастика:
юмористическое фэнтези
аниме
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Я уже царь. Книга XXIX

Гримуар темного лорда V

Грехов Тимофей
5. Гримуар темного лорда
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Гримуар темного лорда V

Травник

Назимов Константин Геннадьевич
1. Травник
Фантастика:
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Травник

Заботы Элли Рэйт

Ром Полина
Фантастика:
попаданцы
фэнтези
6.25
рейтинг книги
Заботы Элли Рэйт

Эволюционер из трущоб. Том 2

Панарин Антон
2. Эволюционер из трущоб
Фантастика:
космическая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Эволюционер из трущоб. Том 2