Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Пасля Жыццё

Быкаў Васіль

Шрифт:

Ягоны клопат, аднак, упарта не адпускаў яго ад пэўных думак пра зброю. Ён яшчэ два разы хадзіў на базар, аднойчы прашвэндаўся там да закрыцьця і пасьля яшчэ пахадзіў па задворках, сярод прыезджых грузавікоў і легкавых машынаў; доўга стаяў ля піўнога ларка, для выгляду смакуючы піва. А сам слухаў, прыглядаўся. У аднаго каўказца нават папытаўся, нібы жартам, ці няма пушкі? Але той адразу ж спалохана шаснуў ад яго - бокам, бокам і далей. Можа, гэты гандляваў наркотай і, магчыма, прыняў яго за пераапранутага міліцыянта. Таксама было небясьпечна, каўказцы маглі і прышыць.

Вяртаўся з базару позна, як летняе сонца спаўзло за невысокія дахі хрушчовак і ўвесь падворак тануў у глухой засені. Ён ціха брыў да свайго гаражу, пазіраючы на колішнія свае вокны на пятым паверсе, дзе цяпер раскашавала ягоная жонка-банкірка. Злосьці на яе ў яго не было, хоць і не зьнікала застарэлая крыўда - яна там з генеральным дырэктарам, на мяккай тахце, з ваннай і халадзільнікам, а ён туліцца ў цесным гаражы, харчуецца абы як, за ўсё лета не памыўся нават пад душам. Ён уласнай крывёй заслужыў тую кватэру, а яна дарма карыстаецца ёю. Дзе справядлівасьць?

Яшчэ здаля згледзеў ля дзьвярэй свайго гаража дзяўчынку, дачку Ленку, якая раз-пораз стукала маленькім ку-лачком ў жалезныя дзьверы, нібы там хто зачыніўся. Калі ён падышоў, яна нават ня ўзрадавалася ад тае сустрэчы і, мабыць, каб хутчэй разьвітацца, сунула ў ягоныя рукі пакамечаную паперку.

– Дзядзя сказаў, каб пазваніў.

У паперцы былі шэсьць лічбаў тэлефону і ўсё. Ленка пабегла да маці, а ён стаяў, думаў: хто б гэта мог быць? Але тады прыпамятаў нядаўнюю сустрэчу са Шпаком - няйначай то ён. Значыць, штосьці прысьпічыла каменданцкаму прапаршчыку.

Каб пазваніць з аўтамату, патрэбна была магнітная картка, якой Ступак ня меў - не купляў прынцыпова, бо нікому званіць не зьбіраўся. А дадому ў сваю кватэру дачка не запрасіла, мусіць, так распарадзілася жонка. Што ж, пасьля ўсяго, што здарылася, ён туды і ня пойдзе. Ужо на зьмярканьні ля гаражу зьявіўся на сваім «Запарожцы» Аляксей, у якога Ступак пазычыў на дзесяць хвілінаў ягоную картку і выйшаў да аўтаматаў на вуліцу.

Ён прадчуваў правільна, то быў Шпак, які тут жа з уласьцівым для гэткіх людзей напорам абрынуў на яго цэлы паток словаў.

– Слухай, дзе ты прападаеш, ёсьць дзела, нада сустрэцца, я да цябе падскочу, скажы толькі, дзе ты жывеш, у якім раёне?

– А што такое?

– Не тэлефонны разгавор, трэба асабіста, куды пад’ехаць? Я зараз, праз дзесяць хвілінаў на машыне.

Ступак бяз жаднае ахвоты да тае сустрэчы назваў адрас, сказаў што будзе чакаць у двары.

I праўда, хвілінаў праз дваццаць з вуліцы на падворак жвава, нават ліха ўляцела вішнёвага колеру «Пежо-605». З пярэдняга сядзеньня шафёра праз апушчанае шкло выглядвала ўсьмешыстая фізіяномія Шпака.

– Прывет! Ідзі, сядзем.

Ступак абышоў машыну і, лёгка расчыніўшы дзьверцу, апусьціўся на мяккае пярэдняе сядзеньне побач з шафёрам. На заднім хтось моўчкі сядзеў, не прамовіўшы да яго ніводнага слова. Мабыць, слухаў. Шпак быў усё ў тым жа камуфляжы, толькі з пагонамі - кароткімі міліцэйскімі пагончыкамі на апушчаных плячах, дзе слаба азначаліся па чатыры зоркі - тры разам і адна вышэй, як бы асобна. Тое падзівіла Ступака - калі пасьпеў? Дэмабілізаваліся разам прапаршчыкамі, а гэты, глядзі, ужо капітан. Капітан міліцыі. Чаму ж тады ён вышэй за КДБ?

Мусіць заўважыўшы недаўменьне на твары Ступака, Шпак тым часам ня стаў нічога тлумачыць, толькі павярнуўся ад руля і дабразычліва заўсьміхаўся.

– Ну, як жывеш, сябрук? Кажуць, бяз працы, ага?

– Хто кажа?

– Людзі кажуць.

Значыць, ужо ведае, падумаў Ступак, які таксама пачаў пра штокольвечы здагадвацца. Найперш - з кім мае справу.

Пачалася доўгая напорыстая размова - і што, і дзе, і чым займаўся дагэтуль, пра заробкі і грошы, і як справы ў сям’і. Шпак пытаўся пра ўсё, а той, з задняга сядзеньня, усё маўчаў ды пільна, неяк нават адчужана слухаў. Ступак адказваў скупа, зусім не хацелася яму ва ўсім раскрывацца перад колішнім сябрам ды гэтым незнаёмым, і ён усё думаў: куды Шпак гне? Ужо ці не пранюхалі яны пра ягоны намер? Мабыць жа, не адна толькі цікаўнасьць была ў галаве сябра, нешта ж ён меў болей важнае.

Так яно і сталася. Скурыўшы па тры ці чатыры «Мальбара», якімі гасьцінна частаваў, Шпак нарэшце прыступіў да галоўнага.

– Слухай, ёсьць прапанова паслужыць. Ты таго варты. А што - афганец, ветэран і так далей. Узнагароджаны баявым ордэнам за выкананьне інтэрнацыянальнага доўгу…

Далей Ступак слухаў кепска, з першых жа словаў ён быў агаломшаны - паслужыць? Каму? Але каму - можна было здагадацца. I тут у ягоную галаву шыбанула рызыковая думка: а што? Можа, і добра. Можа, гэта менавіта тое, што яму трэба.

– Дык гэта… Ладна.

– Во і добра! Лічы, папярэдне дамовіліся. А цяпер чакай, мы паклічам.

Давайце, клічце, зласьліва думаў Ступак, ідучы да свайго гаражу. Мабыць жа, дасьцё зброю, што мне і трэба. Залічайце ў АМАП.

Шэраг наступных дзён мінуў у напружаным, доўгім чаканьні. Звычайна Ступак сядзеў ці ляжаў у гаражы за прычыненымі дзьвярыма, праз шчыліну ўвесь час пазіраючы на падворак - ці не паявіцца там зноў Шпак. Мусіць жа, павінны быў паявіцца, паклікаць ці што сказаць. Пра які адмысловы спосаб зносінаў яны не дамаўляліся, і Ступак думаў, што будзе скарыстаны ранейшы. Аднак ішоў час, беглі дні і ночы, а Шпак не паяўляўся, і ніхто ад яго не паяўляўся таксама. Можа, яны там перадумалі, пачаў сумнявацца Ступак.

Ён ужо не хацеў, каб перадумвалі, ён пагадзіўся, наважыўся, бо зразумеў, што тое - найлепшы для яго варыянт. Можна сказаць, яму здорава пашэнціла, абы толькі ўдалося. Каб толькі не разьнюхалі пра ягоны ўдзел у шэсьці, у той летняй дэмакратычнай акцыі, ці як яна там у іх называецца. Але пакуль што пра тое не было ніякага знаку, і ён думаў: можа, і абыдзецца. Горш, што зусім канчаліся грошы, якія Ступак неяк міжволі перастаў эканоміць і пачаў выдаткоўваць тым болей, чым менш іх заставалася. Ён купіў ладную качалку каўбасы, памідораў, нават пластыкавую пляшку алею і еў спадцішка з табурэткі ў гаражы. Думаў, купляць аўтамат, можа, не спатрэбіцца - дадуць казённы, і то будзе для яго эканомія, можна на харчы не скупіцца. Пад’есьці сёньня і заўтра. А далей будзе відаць.

Поделиться:
Популярные книги

Династия. Феникс

Майерс Александр
5. Династия
Фантастика:
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Династия. Феникс

Дневники 1928-1929

Пришвин Михаил Михайлович
Документальная литература:
биографии и мемуары
5.00
рейтинг книги
Дневники 1928-1929

Государь

Мазин Александр Владимирович
7. Варяг
Фантастика:
альтернативная история
8.93
рейтинг книги
Государь

Точка Бифуркации IV

Смит Дейлор
4. ТБ
Фантастика:
героическая фантастика
городское фэнтези
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Точка Бифуркации IV

Уникум

Поселягин Владимир Геннадьевич
1. Уникум
Фантастика:
альтернативная история
4.60
рейтинг книги
Уникум

Последний Герой. Том 4

Дамиров Рафаэль
Последний герой
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Последний Герой. Том 4

Старый, но крепкий 3

Крынов Макс
3. Культивация без насилия
Фантастика:
рпг
уся
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Старый, но крепкий 3

Менталист. Эмансипация

Еслер Андрей
1. Выиграть у времени
Фантастика:
альтернативная история
7.52
рейтинг книги
Менталист. Эмансипация

Пески времени

Шелдон Сидни
Детективы:
триллеры
9.02
рейтинг книги
Пески времени

Локки 4 Потомок бога

Решетов Евгений Валерьевич
4. Локки
Фантастика:
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Локки 4 Потомок бога

Я еще царь. Книга XXX

Дрейк Сириус
30. Дорогой барон!
Фантастика:
юмористическое фэнтези
аниме
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Я еще царь. Книга XXX

Вернувшийся: Корпорация. Том III

Vector
3. Вернувшийся
Фантастика:
космическая фантастика
боевая фантастика
рпг
5.00
рейтинг книги
Вернувшийся: Корпорация. Том III

Первый удар (сборник)

Уланов Андрей Андреевич
Фантастика:
научная фантастика
5.71
рейтинг книги
Первый удар (сборник)

Мятежник

Прокофьев Роман Юрьевич
4. Стеллар
Фантастика:
боевая фантастика
7.39
рейтинг книги
Мятежник