Песня песняў
Шрифт:
Не. Сягоння мне не ўдасца пагаварыць з Бузяю, сказаць ёй хоць слоўца, хоць паўслоўца. Вось яна ўстае, ціхімі лёгкімі крокамі ідзе да шафы, прыносіць мацеры свечкі ў сярэбраных падсвечніках. Старыя, такія знаёмыя высокія сярэбраныя падсвечнікі. Як даўно пазнаёміліся і пасябравалі мы з імі. Гэтыя сярэбраныя падсвечнікі калісьці займалі ганаровае месца ў маіх залатых мроях пра зачараваную царэўну ў крыштальным палацы. Тыя залатыя Мроі з гэтымі сярэбранымі падсвечнікамі, са святочнымі свечкамі, з мамінымі прыгожымі, далікатнымі, белымі рукамі, з Бузінымі прыгожымі блакітнымі вачыма з «Песні песняў», з апошнімі залатымі промнямі заходзячага сонца — ці ж усё гэта не сплялося адно з адным, не злілося ў непарыўнае цэлае?..
— Дык што, — кажа тата, зірнуўшы ў акно і кіўнуўшы мне ў знак таго, што час пераапранацца і ісці маліцца ў сінагогу.
Мы пераапранаемся, я і тата, і ідзём у сінагогу.
Наша сінагога, наша старая-старая сінагога, таксама не змянілася, не змянілася зусім. Ні на кроплю. Толькі крыху пачарнелі сцены. Нібыта паніжэў аналой. Крыху пастарэла трыбуна для чытання торы. Ды і прытвор са святынямі страціў ранейшы бляск.
Як маленькае свяцілішча, выглядала некалі ў маіх вачах наша сінагога. Цяпер свяцілішча крыху пакасілася. Ах, куды падзеліся ўрачыстасць і бляск нашай старой сінагогі? Дзе тыя анёлкі, што луналі пад яе размаляваным сафітам кожны перадсуботні вечар, на кабалас-шабас і ўсе святы ў час маіх малітваў?
Прыхаджане таксама мала змяніліся. Толькі крышачку пастарэлі. Чорныя бароды зрабіліся белымі. Плечы крыху сагнуліся. Атласныя каптаны пасекліся. Відаць белыя ніткі, жоўтыя палосы. Кантар Мейлах і цяпер спявае гэтак жа хораша, як даўней, шмат гадоў таму. Толькі голас зрабіўся злёгку прыглушаны. У яго малітве чуецца новы тон: у ёй больш плачу, чым спеву, больш скаргі, чым малення. А наш рабін? Стары рабін? Гэты зусім не змяніўся. Быў белы, як свежы снег — і застаўся белы, як свежы снег. Адна драбяза: рукі ў яго цяпер трасуцца. Ды і ўсяго яго трасе. Ад старасці, напэўна. Азрыел, служка, жыд без знаку барады, быў бы такі самы, як і некалі, калі б не зубы. Ён страціў усе зубы і са сваімі запалымі шчокамі цяпер быў болей падобны да старой жыдоўкі, чым да мужчыны. Нічога, ён і сёння яшчэ можа грымнуць пранікам па стале, як дойдзе да малітвы «Васемнаццаць блаславенняў». Праўда, удар ужо не той, што некалі. Некалі, шмат гадоў таму, можна было аглухнуць ад ягонага ўдару. Цяпер жа не. Відавочна, няма тае сілы, што даўней. А быў жа волат-жыд.
Даўней, шмат гадоў таму, мне было хораша тут, хораша бязмежна, не забыць! Тут, у маленькім свяцілішчы, даўней, шмат гадоў таму, мая дзіцячая душа лунала разам з анёламі пад размаляваным сафітам. Тут, у маленькім свяцілішчы, даўней, шмат гадоў таму, я сур'ёзна і з асалодаю маліўся разам з татам і іншымі жыдамі…
І вось зараз я зноў у сваёй колішняй сінагозе, і я маюся разам з колішнімі, даўнімі прыхаджанамі, і я чую таго самага кантара, што і даўней, які пяе гэтаксама, як і некалі. І ўвесь прыход моліцца самазабыўна і горача, гэтаксама, як і некалі. І я малюся разам з усімі, але мае думкі далёкія ад малітвы. Я перагортваю старонку за старонкаю ў сваім малітоўніку — і, я не вінаваты ў тым, адкрываецца мне «Песня несняў», раздзел IV: «Гінох ёфо рааёсі — ты прыгожая, сяброўка мая, ты сама прыгажосць. Гінох ёфо, эйнаіх ёйнім — ты прыгожая, і прыгожыя вочы твае — галубкі…» Мне б хацелася маліцца разам з усімі так, як я маліўся некалі. Аднак мне не ідзе малітва ў галаву!
Я гартаю старонку за старонкаю ў сваім малітоўніку — і, я не вінаваты, зноў адкрываецца «Песня песняў», раздзел V: «Бойсі лэгані, ахойсі кало — я прыйшоў у вінаграднік мой, сястрыца, нявеста мая…»
І далей: «Нарваў я міры маёй з водарамі маімі; паеў мёду майго, ужыў віна майго…»
Ды што гэта я кажу? Што гавару? Сад не мой. Я не буду рваць міру, удыхаць водары, есці мёд, піць віно. Сад — не мой сад. Бузя — не мая нявеста. Чыясьці, не мая!.. І бушуе ўва мне пекла. Полымя гневу — не на Бузю. Ні на кога. Не. Толькі на самога сябе: як жа гэта, як мог я ў такі час быць гэтак далёка ад Бузі? Як мог я дапусціць, каб у мяне адабралі Бузю і аддалі яе другому? Хіба ж яна ўвесь час не пісала мне пісьмаў і не намякала, што яна «спадзяецца ў хуткім часе пабачыцца» са мною?.. Хіба не я сам адкладваў адказы ёй ад свята да свята, пакуль яна не перастала пісаць мне?..
— Са святам. Гэта мой сын.
Так знаёміць мяне мой тата з прыхаджанамі пасля малітвы, а яны аглядаюць мяне з усіх бакоў, і вітаюцца са мною, і прымаюць мае вітанні як належнае.
— Гэта мой сын…
— Гэта ваш сын? Ну, здароў быў…
У татавых словах: «гэта мой сын» — ёсць шмат адценняў. І радасць, і гордасць, і крыўда. Іх сэнс можна вытлумачыць як хочаш: «Бачыце? Гэта мой сын!» Альбо: «Уявіце сабе — гэта мой сын!..»
Я адчуваю ягоны стан. Чалавек абражаны. Я паўстаў супраць ягоных запаветаў. Я не пайшоў ягоным шляхам. Я абраў сабе свой шлях і заўчасна састарыў яго. Не, ён яшчэ не дараваў мне. Ён не гаворыць мне гэтага. Яму і няма патрэбы казаць мне гэта. Я адчуваю гэта сам. Мне ўсё гавораць ягоныя вочы, што глядзяць на мяне скрозь сярэбраныя акуляры і пранізваюць да самага сэрца. Мне ўсё гаворыць ціхі ўздых, што разпораз вырываецца з ягоных старых, слабых грудзей… Мы разам ідзём з сінагогі дадому і маўчым. Мы вяртаемся пазней за ўсіх. Ноч распасцёрла свае крылы па небе, і іх цень упаў на зямлю. Ціхая, цёплая, святая велікодная ноч. Ноч, поўная таямніц і загадак. Поўная цудаў. Святасць гэтае ночы адчуваецца ў паветры. Яна пазірае з цёмна-сіняга неба. Пра яе ціха гутараць між сабою зоркі. Сыход з Эгіпта чуваць у гэтую ноч…
Хуткімі-хуткімі крокамі іду я дадому праз гэтую ноч. Ледзьве паспявае тата за мною. Як цень спяшаецца ён за мною. «Чаго ты гэтак гоніш?» — пытаецца тата, ледзьве пераводзячы дыханне.
Эх, тата, тата! Хіба ты не бачыш, што я падобны да аленя ці важака сернаў на гарах бальзамічных?.. Доўгі, тата, бясконца доўгі мой час, далёкі, тата, бясконца далёкі мой шлях з тае пары, як Бузя зрабілася нявестаю. Чужой нявестаю. Чыёйсьці, не маёю!.. Я падобны да аленя ці да важака сернаў на гарах бальзамічных.
Гэтак хочацца мне адказаць майму тату словамі «Песні песняў», і я не чую зямлі пад сабою. І я іду хуткімі-хуткімі крокамі дадому праз гэтую ноч. І ледзьве паспявае мой тата за мною. Як цень спяшаецца мой тата за мною праз гэтую ноч.
З тым самым святочным вітаннем, з якім у такую ноч мы прыходзілі дадому з сінагогі некалі, шмат гадоў таму, з'явіліся мы і сёння — я і тата.
З тым самым пажаданнем шчаслівага года, якім мама з Бузяю сустракалі нас у такую ноч некалі, шмат гадоў таму, сустрэлі яны нас і зараз.
Маці, царыца, апранутая ў сваю царскую ядвабную сукенку, а царэўна, Бузя, — у сваю беласнежную сукенку. Тая самая карціна, што некалі, шмат гадоў таму, нічога не змянілася ні на волас, ні на кроплю.
Як шмат гадоў таму, так і цяпер, у гэтую ноч, наш дом поўны чароўнасці. Асаблівая прыгажосць, святое, урачыстае, велічнае хараство пануе ў нашым доме ў гэтую ноч. Белы абрус — як некрануты снег. Маміны свечкі ззяюць у сярэбраных падсвечніках. Зеленавата зіхацяць, адсвечваюць бутэлькі з велікодным віном. Ах, як нявінна-наіўна пазірае з блюда цнатлівая маца! Як міла ўсміхаецца гэты каварны, такі горкі цёрты хрэн і складаны харойсэс з салёнай вадою! Як урачыста і горда стаіць усланы царскі трон — велікодны ложак. На твары ў царыцы свеціцца святая пяшчота, як заўжды ў такую ноч. А царэўна (Бузя) уся ад макаўкі да пят — як з «Песні песняў». Не, што я такое кажу? — яна сама «Песня песняў».
Шкада толькі, што царэвіча пасадзілі так далёка ад царэўны. Калісьці, як помніцца, яны сядзелі ў час велікоднай вячэры іначай. Разам, побач адно з адным, сядзелі яны. Царэвіч, помніцца, задаваў тату чатыры рытуальныя пытанні, а царэўна тым часам выкрадала ў яго вялікасці з-пад падушкі традыцыйны праснак. Ах! Як мы тады смяяліся. Калісьці, пасля велікоднай вячэры, як я помню, цар знімаў свой белы кіцель, а царыца сваю царскую ядвабную сукенку, а мы сядзелі — Бузя і я — удваіх у кутку, гулялі ў арэшкі, якія нам дала мама, альбо я расказваў ёй казку, адну з тых самых чарадзейных «хедараўскіх» казак майго сябра Шайкі, які ведае ўсё. Казку пра зачараваную царэўну, якая сядзела ў крыштальным палацы сем гадоў запар і чакала, пакуль хто-небудзь з дапамогаю чарадзейнага слова не ўздымецца ў надхмар'е, не пераляціць цераз горы і даліны, цераз рэкі і пусткі і не выратуе, не вызваліць яе.