Сфінкс без загадкі
Шрифт:
Яна закрыла твар рукамі і моцна расплакалася.
– Вы павінны мне прызнацца, – працягваў я.
Яна ўстала і, гледзячы мне проста ў твар, сказала:
– Лорд Мёрчысан, мне няма ў чым Вам прызнавацца.
– Вы прыходзілі на сустрэчу да кагосьці, – крычаў я. – Гэта і ёсць Вашая таямніца.
Яна жудасна пабляднела і сказала:
– Я ні да кога не прыходзіла на сустрэчу.
– Ну чаму Вы не можаце сказаць праўду? – усклікнуў я.
– Я ўжо сказала, – быў яе адказ.
Я быў раз’ятраны, шалёны, я не ведаў, што гавару, але я казаў ёй жудасныя рэчы. Урэшце я выбег з дома. Назаўтра яна напісала мне ліст, але я адправіў яго назад не чытаючы. Я вырашыў паехаць у Нарвегію з Аланам Колвілем. Я вярнуўся праз месяц, і першым, што я ўбачыў у “Морнінг пост”, было паведамленне аб смерці лэдзі Элрай. Яна прастудзілася ў тэатры і праз пяць дзён памерла. Я зачыніўся дома і нікога не хацеў бачыць. Я ж так яе кахаў, я кахаў яе, як вар’ят! О божа, як я кахаў гэтую жанчыну!
– І ты пайшоў у той дом? – спытаў я
– Пайшоў. Аднойчы я пайшоў на Камнар-стрыт. Я нічога не мог з сабой зрабіць, я пакутаваў ад сумневаў. Я пагрукаў у дзверы, іх адчыніла дама прыстойнага выгляду. Я спытаў, ці можна арандаваць тут пакой.
– Ведаеце, сэр, – сказала яна, – у мяне ёсць пара гасцёўняў, але я ўжо тры месяцы як не бачыла тую лэдзі, што наймае адзін з пакояў, таму вы можаце заняць яго.
– Гэтая лэдзі? – паказаў я здымак.
– Так, гэта яна, дакладна яна! – усклікнула жанчына.
– Яна памерла, – сказаў я.
– О, не можа быць сэр! – сказала жанчына. – Гэта была мая найлепшая наймальніца. Яна плаціла тры гінеі на тыдзень толькі за тое, каб час ад часу пасядзець у гасцёўні.
– Яна тут з кім-небудзь сустракалася? – спытаў я, але жанчына запэўніла мяне, што лэдзі Элрай заўсёды сядзела адна і ні з кім не сустракалася.
– Дык што ж яна тады тут рабіла? – закрычаў я.
– Яна проста сядзела ў гасцёўні, сэр, чытала кнігі, а часам піла гарбату, – адказала жанчына.
Я не ведаў, што сказаць, таму проста пакінуў ёй саверэн і пайшоў прэч.
Ну, і што ты пра гэта думаеш? Ты думаеш, гэтая жанчына гаварыла праўду?
– Думаю, так.
– Дык навошта тады лэдзі Элрай прыходзіла туды?
– Мой дарагі Джэралд, – сказаў я, – лэдзі Элрай проста была жанчынай з маніяй таямнічасці. Яна наймала гэтыя пакоі дзеля асалоды хадзіць туды ў вэлюме, уяўляючы сябе гераіняй рамана. Яна прагнула нейкай загадкавасці, але сама была ўсяго толькі сфінксам без загадкі.
– Ты сапраўды так думаеш?
– Я ўпэўнены.
Ён дастаў свой саф’янавы футарал, раскрыў яго і доўга глядзеў на здымак.
– А я нешта сумняюся, – урэшце сказаў ён.