Сланы Ганібала
Шрифт:
Мама зь цёткаю і сястра даўно паснулі. Я сядзеў над разгорнутымі на стальніцы старонкамі «ЛіМу». Справа і зьверху глядзела на мяне з ручнікоў Багародзіца, насупраць было незавешанае начное жнівеньскае вакно зь вясёлкавымі ад старасьці шыбамі.
Я чытаў, чуючы на сабе ня толькі позірк з абраза, але і яшчэ колькі позіркаў немаведама адкуль — напэўна, гэта глядзела на мяне сама хата, — чытаў і, калі дайшоў да словаў «таемную бабуліну сілу я адчуваю й цяпер, праз трыццаць гадоў...», якраз у гэтае імгненьне, зь цёмнага вакна вылецела, засыпаўшы друзачкамі падвоканьне, цэлая шыбіна.
У хаце пачаўся пярэпалах. Але ні ўначы, ні раніцою мы не знайшлі пад вокнамі канцавой цётчынай хаты аніякіх сьлядоў, аніякага камянюкі ці яшчэ чаго-небудзь такога.
Вядома, шкло з старой скрыўленай рамы магло выпасьці само сабою. Вядома, зусім выпадкова ў наступныя дні ў сяброў і ў людзей амаль незнаёмых, да якіх я чамусьці заходзіў, мне пачалі трапляцца ў рукі (самі сабою, безь ніякіх адмысловых пошукаў) рэдкія кнігі, гравюры й старыя газэтныя выцінкі пра жыцьцё Напалеона на востраве Сьвятой Алены і пра колькі месяцаў, прабытых ім у 1812 годзе ў Беларусі. Вядома, зусім выпадкова маглі прычыніцца й іншыя падзеі, якіх я не адважваюся тут згадаць толькі з тае прычыны, што ў адваротным выпадку мне могуць параіць неадкладна зьвярнуцца да адпаведнага доктара. Далібог, будзе лепей, калі на гэтым я скончу свой постскрыптум і вярнуся да радаводу.
Пра свайго мужа, а майго дзеда Максіма, бабуля Аўгіньня мне ніколі не казала. Зрэшты, тады я быў малы дый не было яшчэ даведкі зь дзесяцітысячным (?) накладам, і бабуля, пэўна, лічыла такія размовы небясьпечнымі. Пра дзеда я найболей ведаю ад мамы.
У вайну, якую да 1917 году часта называлі Вялікай Айчыннаю, а потым перахрысьцілі ў першую імпэрыялістычную, дзед Максім, як чалавек пісьменны (ён выпісваў перад вайною нейкую газэту, і мне, вядома, хочацца, каб гэта была «Наша Ніва»), даслужыўся да унтэр-афіцэра. Падчас страшных баёў на Нарачы, калі ў 1916 годзе расейскія войскі, дапамагаючы францускім хаўрусьнікам, пачалі зусім непадрыхтаваны наступ, дзед трапіў у палон. У Нямеччыне ён працаваў у баўэра і мог пераседзець рэшту вайны на сытных харчох, але разважыў іначай: у адну цёмную ноч паклаў у кайстру два боханы сьвежага хлеба і праз два месяцы дапяў роднае капысіцкае хаты.
У вёсцы лічылася, што дзед ведае «плянэты», і звычайна ніхто не адважваўся раней за яго пачынаць сеяць або жаць. Той жа, хто, не даючы веры дзедавым здольнасьцям, кіраваўся сваімі «плянэтамі», мог потым наракаць адно на самога сябе. Калі капысічанаў загналі ў калгас, яны, мусіць, усё ж маючы надзею, што можна будзе неяк жыць і там, выбралі дзеда Максіма за брыгадзіра.
Праз тры гады наш далёкі сваяк, што служыў у раённым Шклове ў НКВД, папярэдзіў дзеда й ягонага брата Ціхана, калгаснага бухгальтара, што на іх ды яшчэ на дзесяць вяскоўцаў прыйшоў данос. Хапун, казаў сваяк, чакаўся вялікі, і калі зьехаць куды-небудзь на данбаскія шахты ці проста зашыцца месяцы на тры ў лес, усё абыдзецца, бо возьмуць іншых.
Дзед з братам сабралі ў сваёй хаце сход тых дванаццаці, чые імёны ўжо перадрукоўвалі машыністкі НКВД. Думкі падзяліліся: адны стаялі на тым, каб ратавацца; дзяды Максім і Ціхан лічылі, што хавацца — значыцца, прызнаць, быццам яны й сапраўды ў нечым вінаватыя. Надзвычай дарагая мне й такая драбніца: на той зборні дзед Максім сказаў, што ўсё адно замест хаванцаў схопяць кагосьці яшчэ, нават не папярэджаных.
Назаўтра трое «ворагаў народу» падаліся ў лес, а дзевяцёра засталіся ў вёсцы, спадзеючыся: там разьбяруцца. Людзі верылі, што ўлада, якая ўжо пятнаццаць гадоў называла сябе іхняю, хоць калі-некалі здатная на справядлівасьць.
Па дзеда прыйшлі ў першы дзень 1933-га. Ён сядзеў на палку, плёў рэзгіны і, як запомнілася маме, сьпяваў:
Што рабіць мне, як мне быць?
Ці пакінуць, ці любіць?
Мама басанож бегла за санямі да аселіцы.
Праз два тыдні бабе Аўгіньні ды жонкам іншых арыштаваных дазволілі перадаць ім у Шклове харчы і памяняць бялізну. Старую бялізну давялося спаліць, бо яна кішэла вошамі.
Наступнаю зьвесткаю пра дзеда была ўжо згаданая даведка на шэрым блянку, дзе не знайшлося месца хоць бы на колькі слоў крывадушнага казённага спачуваньня. Чалавека забілі, але няхай вас суцешыць тое, што яго забілі ні за што, невінаватага. Праўда, я маю моцны сумнеў, што тыя, хто падпісваў такія даведкі ў 1960-я гады, і тыя, хто падпісвае іх цяпер, шчыра лічаць такіх, як мой дзед, невінаватымі. Яны сапраўды былі вінаватыя — у тым, што ведалі «плянэты», што за царскім часам выпісвалі несавецкую газэту, што ім людзі верылі болей, чым розным камісарам і люцыпанэрам...
Бабуля Аўгіньня сустрэлася зь дзедам Максімам на небе за два гады да таго, як дзяржава рабочых і сялянаў ашчасьлівіла нас гэтым блянкавым сьведчаньнем свае гуманнасьці ды некалькімі рублямі, якія маці зь цёткаю адмовіліся атрымліваць.
Імя даносчыка, што загубіў дзевяць душ, пакінуўшы бязбацькавічамі без малога тры тузіны дзяцей, хутка адкрылася. Гэта быў самы недалужны капысіцкі гаспадар камбедавец Цыбулька.
— Наша горніца з Богам ня спорніца! — з дурным гонарам вясёла казаў ён пра сваю хаціну-развалюху, дзе адно на печы маглі сагрэцца ягоныя вечна галодныя дзеці.
Мамін брат дзядзька Язэп шмат разоў, выпіўшы дзеля сьмеласьці гарэлкі, браў уначы паляўнічую стрэльбу ды ішоў помсьціцца за бацьку. Бабуля Аўгіньня й мама зь сёстрамі, галосячы, як па нябожчыку, беглі за дзядзькам да Цыбулькавае развалюхі. Ейны гаспадар сьпярша выпускаў на падворак усіх сваіх васьмярых дзяцей, потым жонку, потым выходзіў у споднім сам, і дзядзька Язэп, заплакаўшы ад бясьсільля, паварочваў дахаты.
— Усё адно заб’ю! — крычаў ён.
— Няхай, сынок, яго Бог уваб’е, — хрысьцячыся, казала бабуля Аўгіньня.
Бог не сьпяшаўся, і Цыбулька пераваліў за дзевяць дзясяткаў. Аднойчы, калі я зь вясковаю блазнотаю тоўкся каля крамы, дзе вечна выпівалі й пра штосьці спрачаліся капысіцкія мужчыны, сівенькі падпіты дзядок з чырвонымі сьлязьлівымі вачыма паклікаў мяне пальцам, завёў у краму і купіў грамаў трыста зьліплых у суцэльны камяк ірысак. Зьмеціўшы такі манэўр, адзін з падкрамных апівудаў сурова сказаў мне:
— Выкінь цукеркі! Ён твайго дзеда прадаў!
У тым вяку «прадаць дзеда» значыла прыкладна тое самае, што й «прадаць мяне» — малодшая сястра штодня рабіла гэта, паведамляючы бабулі пра кожны мой вылаз у суседчыны вішні або трускаўкі. Адбегшыся ад крамы, я з смакам зьеў падораныя ірыскі, ня чуючы да сівога дзядка анічога, апрача ўдзячнасьці. Падумаеш, прадаў нейкага там ніколі ня бачанага дзеда!..
Трое капысічанаў, што, не паслухаўшыся дзеда Максіма, схаваліся ад роднае ўлады ў лесе, памарозіліся, але засталіся жывыя. Адзін потым не вярнуўся з вайны, другі ўжо даўно перасяліўся на пагост пад старыя бярэзіны, а з трэцім у апошнія пагасьціны на мамінай радзіме мы выпілі пляшку гарэлкі.
— Не паслухаўся нас, Воўка, твой дзед, — казаў ён, — а то б цяпер з намі чарачку ўзяць мог. Здаровы быў Дзянісавіч, як гэты, каб яго халера, рускі багатыр Ільля Мурамец. Неяк на станцыі рэйку да грудзей падняў...